Home

Рэклама

Наладка

07 Стд 2008

Аб невысокім

(бяз тэмы)

Спрачацца аб таленце Вайцюшкевіча яго прыхільнікі і недобразычліўцы могуць колькі заўгодна доўга. Але што бясспрэчна, дык гэта энэргетыка сьпевака. Толькі за яе Зьмітру можна дараваць многае :). Сёньня на канцэрце нехта даслаў запіску з такім тэкстам: "Зьміцер, хаджу на канцэрты і бачу, што ў Вас закаханыя ўсе жанчыны ва ўзросьце ад 15 да 55-ці год. У чым сакрэт?”. Вайцюшкевіч пасьмяяўся і сказаў, што трэба любіць тое, што робіш. Усім вядомая мудрасьць. А як напраўду, дык, падаецца, Вайцюшкевіча найперш любяць за энэргетыку, за атмасфэру. На мой густ, і сьпявае Зьміцер добра. Так што малайчына ён. Чаго й іншым зычу )))

Зы. Тэлефануе нядаўна знаёмы і прапануе сустрэцца гарбаткі папіць. Я аднекваюся, маўляў "не ў голасе выглядаю ня вельмі, настрою няма". На што ён адказвае: "Хіба ж гэта галоўнае ў жанчыне? Энэргетыка -- вось у чым "фишка"!"
Так што любіце тое, што робіце! І няхай Ваша энэргетыка зашкальвае ад пазытыву! :)))

08 Снж 2007

Аб невысокім

Кундэра і сьнежаньскі дождж :)

“Невыносная лёгкасьць быцьця” Мілана Кундэры – кніга, якая пакінула адчуваньне незавершанасьці. Фільм – харошы і гарманічны – паставіў кропку. Каб патрапіць на сэанс у “Перамогу”, давялося крышачку злоўжыць прафэсійнымі паўнамоцтвамі і знаёмствамі. Але кіно было таго вартае. Так проста пра цяжкасьць выбару, так проста пра пакуты асобы і цэлага народу.

Пасьля сэансу так дарэчы пайшоў дождж. Дробненькі і халодны. Не перадаць словамі, як прыемна гуляць у такое надвор’е, падстаўляць твар пад калючыя кропелькі вады, глядзець на плыні машын, якія разрываюць сьвятлом фар імжу. І мокры асфальт у праменях фар, і мокрыя галіны голых дрэў, і лужыны – усё да месца. Нічога лішняга на шляху да дому. Шэсьць кілямэтраў задавальненьня і ўнутранай супакоенасьці. Амаль каля дому мяне спыніў дзядзечка ў капелюшы-кацялку (часам таемныя знакі мы бачым там, дзе іх няма – для тых, хто чытаў Кундэру :) ). Праз шум вуліцы і свой настрой я не адразу зразумела яго пытаньне. А было яно простае: “І дзе зараз усе хлопцы?”. Пажадала яму добрай ночы. Надта доўга тлумачыць, што бываюць моманты, калі адной так добра, што нікога побач бачыць і ні хочацца.

І зараз, адаграваючыся гарачай гарбатай і яшчэ адчуваючы прыемны боль у кончыках пальцаў, што адыходзяць ад холаду, магу сказаць адно:

“Шчасьце ёсьць. Шчасьце быць”.

ЗЫ. Хто ў тэме -- дзякуй за кампанію :)

Рэклама

Наладка