Home

Рэклама

Наладка

02 Чэр 2009

KNOCKIN' ON HEAVEN'S DOOR

Пустое

Хачу, каб пайшоў дождж. Доўгі, дробны, на тыдзень мінімум.
Каб на вуліцу выходзіць, закрыўшыся парасонам, нікога не бачыць і не чуць.
Цэтлікі: ,

11 Тра 2009

...

Здраствуй, родзіна...

На выходных па справах ездзіла ў памежны польскі гарадок. Зваротная электрычка ў Беларусь едзе позна ўвечары, таму, парабіўшы ўсе свае справы, вырашылі ехаць з "падсадкай" праз пераход "Варшаўскі мост". Паводле правілаў, гэты памежны пункт можна перасякаць толькі на транспартным сродку. Звычайна працэс "падсадкі" выглядае наступным чынам: падыходзіш да кіроўцы машыны з беларускімі нумарамі і просіш перавезці, ён пагаджаецца. Не сакрэт, што ў памежных гарадах людзі матаюцца ў суседнія краіны за больш таннымі таварамі для сябе, сваіх знаёмых, на продаж. З майго досведу за "падсадку" ніхто ніколі грошай не патрабаваў, але могуць папрасіць сказаць на мытні, што нейкая рэч, якая абмежаваная ва ўвозе (бытавая тэхніка, напрыклад) твая. Атрымліваецца паслуга за паслугу.

Кіроўца, які забраў нас, папрасіў "узяць на сябе" дзіцячы вазок. Усе пагадзіліся. Праехалі польскіх мытнікаў-памежнікаў, беларускіх памежнікаў. На беларускай мытні да машыны падыходзіць мытнік з наетай чырвонай мордай, відавочна, добра выпіўшы. Становіцца ў позу "я тут Бог", на пальцы круціць нейкі брэлок (усё па Фрэду, мляць). Далей адбываецца такі дыялог.
Мытнік: Учимся, работаем?
Я: Работаем...
Мытнік: Зачем в Польшу ездили?
Дзеўчына з нашай кампаніі: По делам, отдохнуть...
Мытнік: (з'едліва) Роскошно живём...
Глядзіць у салон -- ва ўсіх невялікія торбы, у багажніку машыны заўважае дзіцячы вазок.
Мытнік: Чья коляска?
Я: Наша.
Мытнік: (мне) Что ТЫ мне расказываешь? Не твоя коляска.
Я: Наша, почему вы думаете, что не наша?
Мытнік: Девочка, сейчас я с ТОБОЙ часа четыре побеседую, от всего откажешься!
На твары такая пыха і самазадаволенасць, быццам я з пупам зямлі размаўляю. Мяне аж "падкінула" ад злосці. Я ўсё разумею: ён ведае кіроўцаў, якія туды-суды матаюцца, возяць тавары, але няўжо хамства ўзвышае яго ў вачах людзей? Разумею, што калі пачну агрызацца, пяць чалавек могуць правесці ў яго "прыемнай" кампаніі гадзінку-другую часу. Даводзіцца змаўчаць, у думках абазваўшы казлом і нават горш. Паўлін-мытнік пахадзіў вакол машыны, наехаў на кіроўцу, пасля вялікадушным жэстам дазволіў нам рушыць на родную тэрыторыю.

На выездзе з зоны кантролю памежнікі ўключылі зялёнае святло на светлафоры, але не паднялі шлагбаўм, кіроўца рэзка затармажвае, яны рагочуць. Па тварах бачна, што вясёлыя памежнікі таксама прынялі на душу чарачку ў гонар свята. Дзевятага траўня, дзень пабеды...

Здраствуй, родзіна...

21 Кст 2008

...

Сучасныя “ызмы”

У аўтобусе вызвалілася вольнае месца. Толькі на сядзенне прысеў хлопец-в’етнамец, як нейкі мужык схапіў яго за рукаў са злосным шыпеннем “Куды прэш, чурка?!!”. І тут жа галантна дапамог уладкавацца жанчыне з мыліцаю на сядзенні. В’етнамец проста не заўважыў, што недзе ў натоўпе стаяла гэтая жанчынка. Не заўважыла яе і я, і гэтак жа магла б памкнуцца прысесці на вольнае месца. Але наўрацці пачула б у свой адрас злоснае “бульбяшка”...

***
Сяброўка, сучасная адукаваная дзяўчына, са шчырым здзіўленнем і абурэннем у голасе гаворыць: “Замуж за габрэя??? Зусім з’ехала з глузду!!!”. Разумею, што ніякія аргументы наконт таго, што хлопец можа быць цудоўным чалавекам, не здольныя змяніць яе перакананне. Габрэй – не варты таго, каб стаць сябрам і спадарожнікам па жыцці.

***
Пляменніца – разумнічка, адна з лепшых вучняў школы, прывабная дзяўчынка з тонкім станам кіпарыса. Аднакласнікі дражнілі яе “чурка”. Дзяўчо ўсяго-та “узяла” ад бацькі шырокія скулы і крыху раскосы разрэз вачэй.

***
Каля месца растрэлу габрэяў ў Менску, дзе цяпер месціцца мемарыял “Яма”, інтэлегентная жанчына бязгучна, аднымі вуснамі расказвае: “Я вязень мінскага гета. Мяне, трохгадовую дзяўчынку, таемна вывезлі адтуль. Расла ў інтэрнаце. У мяне няма ні імя, ні прозьвішча, ні сваякоў...”.
Цэтлікі: ,

07 Врс 2007

...

Жанчыны, мужчыны і гвалт...

Учора позна вечарам назірала каля суседняга дома такую карціну: п’яны хлапец сварыцца з дзяўчынай (відавочна, гэта яго сяброўка-каханка). Яна ўвесь час са сьлязьмі ў голасе некуды яго заве нешта паглядзець. Тут я чую звонкі гук аплявухі. Дзяўчына хапаецца за твар, пасьля цягне рукі да хлапца і як заведзеная паўтарае “Пайшлі! Ты сам усё пабачыш!”. У адказ толькі няўцямнае мычаньне і ўдар нагой. Яна амаль ня плача, толькі некуды ўвесь час заве хлапца, хапаецца за яго рукі.

Харошы настрой пасьля мф-скай вечарыны і кампаніі калегі імгненна зьнік. Ішла і думала: гэта ж як яна мусіць сябе не любіць, калі дазваляе так сябе зьневажаць?...

Рэклама

Наладка