Home

Рэклама

Наладка

01 Чэр 2008

...

Ахвяры і мары

Учора атрымала дыплём БДУ. Перад уручэньнем паехала ў галоўны корпус, каб завершыць фармальныя справы ды забраць свой дыплём з аддзелу кадраў, які праляжаў там акурат пяць гадоў у якасьці атэстату аб сярэдняй адукацыі. Ішла па ўнутранаму дворыку ўнівэрсытэту і прыгадвала, як першы раз у яго зайшла. Добра памятаю свае адчуваньні і ўражаньні, хаця ад таго моманту прайшло нямала часу. Гэта была позьняя восень, накрапваў шчодры дожджык. І з першых сваіх крокаў пад дажджом па гэтым дворыку я зразумела што буду тут вучыцца. Тады гэта была дужа важная для мяне мэта і мара. Мара збылася, зрэшты як і мэты, якія я ставіла на той час перад сабой.

Неба падарыла мне многае з таго, што дужа хацелася мець. Калі ўлічыць, якія абставіны і ўмовы спадарожнічалі ажыцьцяўленьню гэтых самых мэтаў і мараў, то я прыходжу да думкі аб пэўным наканаваньні і лёсе (калі такія гучныя словы падыходзяць да гэтага кантэксту). Сытуацыі, зь якіх можна было б і ня выйсьці, вырашаліся са станоўчым вынікам, і жыцьцёвы шлях зводзіў з добрымі людзьмі. Але Неба нічога не дарыць проста так. За мары і мэты, якія сталі рэальнасьцю і, спадзяюся, яшчэ стануць такімі, яно патрабуе ўзамен ахвяры: мары мінулага, жыцьцё мінулае, таго, аб чым не хочацца прызнавацца самой сабе. Спадзяюся, што тыя, хто побач, і каго ўжо няма даравалі мне маю няўвагу, зацятасьць... ды ці мала за што яшчэ я хацела б атрымаць прабачэньне... І ўсё зразумелі, бо намеры ніколі не былі злымі, а мэтады – бруднымі. Шкада толькі, што з часам (а ён – самы мудры, усё расстаўляе на свае месцы) старыя мары і мэты драбнеюць, падаюцца крыху сьмешнымі, а новыя – вымагаюць новых ахвяраў... І не заўсёды ведаеш адэкватнасьць платы атрыманаму.
ЗЫ. Матэрыяльнае ўвасабленьне мары і мэты юнацтва :))) ляжыць побач на стале ў выглядзе кардонкі з бліскучымі літаркамі ды цісьненьнем гербу.

11 Тра 2008

...

(бяз тэмы)

Заўсёды прытрымлівалася думкі, што незамянімых людзей няма. Толькі вось якая справа: тое, што давалі табе пэўныя асобы ніхто і ніколі не дасьць, і замяніць гэта, як ні старайся, нічым немагчыма. І чым болей часу мінае, тым больш рэзкае і моцнае адчуваньне страты. Час ня лечыць, час проста расстаўляе ўсё і ўсіх на свае месцы. І цьвярозае ўсьведамленьне гэтага куды горшае за шквал імгненных пачуцьцяў.

08 Снж 2007

Аб невысокім

Пра вернасьць

Вось кажуць, што дзяўчаты ня цэняць вернасьць ды хлапцоў харошых, спакойных. Маўляў, ім, чым горш, тым лепш. Цягу да блядавітых (пардон за маю французкую) ды самаўпэўненых мужчын, як мне падаецца, патлумачыць вельмі лёгка. Такія людзі выпраменьваюць проста абалдзенную сэксуальную энэргетыку, што адчуваецца за кілямэтр. І як тут прайсьці міма? :) Заўважу, што часам такой энэргетыкай валодаюць ня самыя прыгожыя ды статныя мужчыны, як і ня самыя прыгожыя жанчыны. Але ж цягне да іх, і не заўважаецца ўжо "ня той" рост, колер вачэй, ці яшчэ якія "недахопы" зьнешнасьці. Нехта з такой энэргетыкай нараджаецца, а нехта яе вучыцца выпраменьваць адмыслова. Людзі мяняюцца. Калі чалавека доўга ня бачыш, то адразу кідаюцца ў вочы зьмены ў яго зьнешнасьці, а пасьля -- у энэргетыцы, як побач зь ім пачуваецца.

А што тычыцца вернасьці, то яе ўсе цэняць. Кожны па-свойму, але цэняць. Адгаворкі "ён/яна занадта харошы/ая для мяне" -- найперш спроба пазьбегнуць адказнасьці. Бо побач з такім чалавекам трэба адпавядаць яго маральным якасьцям. А так, скінуў абавязкі з плеч -- і сумленьне ня мучыць, і рукі разьвязаныя. Але... Адданасьць, вернасьць і душэўная цеплыня -- надта падкупляюць. Колькі дзяўчат бачыла, што здаваліся пад націскам менавіта такіх адносін да сябе.

Сяброўка паехала ў вандроўку. Хлапец гэтай дзяўчыны застаўся дома. У кампаніі вандроўнікаў быў відны хлапец, які пачаў праяўляць да яе зацікаўленасьць. Пра такіх звычайна кажуць "Яму дзеўку спакусіць, як вады папіць". Пытаюся ў яе, а ці ж не было спакусы здрадзіць свайму хлапцу (знаёмых вачэй не было, ніхто б нічога не даведаўся). На што яна адказала мне: "Перад ад'ездам пытаюся ў Андрэя (яе хлапец) "А ці не баішся ты мяне адпускаць?". На што ён і кажа: "Не, бо я ж табе ДАВЯРАЮ" І вось гэтае яго "ДАВЯРАЮ" сталася для яе каменьчыкам перавагі на шалях "здраджу-ня здраджу". Яна заўсёды ўпэўненая ў Андрэю, і ўсьведамленьне таго, што чалавек верыць у яе, верыць у моц яе пачуцьцяў, яе сумленьне не дазволіла пераступіць бар'ер спакусы. Нашыя паводзіны задаюць тон паводзінаў тых, хто побач.

16 Ліс 2007

...

На чужы раток не накінеш платок

Сустракаюся ўчора з праваслаўным сьвятаром, які да ўсяго працуе выкладчыкам у пэдунівэрсытэце. Яго студэнткі ці каляжанкі праводзілі нас хітрымі позіркамі кшталту “Дык вось чым ты вечарамі займаешся! Ведаем-ведаем пра ўсе твае грашкі, бацюшка!”. Ну, і як палагаецца, сьмешачкі ў сьпіну.
Акурат напярэдадні мой знаёмы кажа “Хацеў напісаць у жж, падзяліцца ўражаньнямі ад таго, як мая сяброўка проста так зрабіла прыемны і нечаканы ўчынак. А як падумаў, што адразу ж пачнуць гэта апашляць ды прыпісваць тое, чаго няма, дык і расхацелася”.

Так і атрымліваецца, што замест свайго жыцьця мы пражываем чужыя жыцьці, замест “бярвёнаў у сваіх вачах, імкнёмся дапяць чужой саломінкі”. Самі выхоўваем у сабе і людзях, якія побач, няшчырасьць і цынізм.

ЗЫ. Педунівэрсітэт – сапраўдная кузьніца кадраў нявест. Усім хлапцам, што шукаюць сваю палову, раю туды схадзіць. Там ёсьць з чаго выбіраць! :)))

03 Кст 2007

...

Прадаць дзяцінства

Сёньня пабачыла бабулю з нестандартным таварам у горадзе. Ажно спынілася ад нечаканасьці. Сярод буракоў, рассады хатніх кветак ды іншай дробязі старая прадавала на аўтобусным прыпынку... старыя дзіцячыя цацкі. Гумавых сабачак-коцікаў, маленькага голага пупса... Зараз такіх ня робяць. У мяне не засталося ніводнай цацкі з дзяцінства -- шкадую вельмі... А ў бабулі гэтай сабачка быў гумавы, акурат як у мяне калісьці. У галаве прамільгнула думка "набыць"... А пасьля схамянулася -- гэта ж я не сваё, а дзяцінства яе ўнукаў набуду ... Так і прайшла міма, міма чужога, выстаўленага на продаж дзяцінства...

30 Врс 2007

Аб невысокім

Авантурызм

Аб’явіўся мой знаёмец: год таму ў вясёлай кампаніі праводзілі яго ў Чэхію. А зараз аказваецца ён працуе ў Маскве. Сустрэліся. Прыемна, канешне, калі пра цябе ўспамінае чалавек, з якім па вялікім рахунку нічога не зьвязвае. Але разам з тым закралася лёгкае пачуцьцё ці то настальгіі, ці то смутку – людзі з мінулага вяртаюць ў гэтае ж мінулае. Вось цэлы вечар у думках узгадваю акалічнасьці, пры якіх мы пазнаёміліся, ды і шмат чаго яшчэ, што засталося ў мінулым годзе...

P. S. Падабаюцца мне авантурныя, сьмелыя да адчайнасьці людзі. Дамовіліся сустрэцца на наступных выходных
...

Ні аб чым...

Мазаіка жоўтых лістоў на асфальце. Паветра пахне дажджом, які мусіць быць, але яшчэ не пайшоў. Жоўтыя кветкі ўздоўж праспэкту. І настрой – лёгкасьці і адчужанасьці. Позірк, абавязкова расьсеяны. Не глядзець у вочы, ня бачыць дэталяў – далёка, блізка, зусім побач, ізноў да будынкаў на вузкім гарызонце. Мілая пара ідзе наперадзе. Яна – ў клятчатым паліто а-ля 70-я, ён – белая кашуля, чырвоная камізэлька, пацёртыя джынсы, заплечнік. Кранальна трымаюцца за кончыкі, самыя кончыкі пальцаў. Даволі шпарка ідуць уздоўж праспэкту, быццам бы па справах... Але насамрэч гуляюць. Спыняюцца, цалуюцца і гэтак жа шпарка, быццам бы па справах, ідуць далей.

***
Толькі б не сустрэцца са знаёмымі. Вочы ў вочы, непатрэбныя зараз размовы – так лёгка парушыць тое, што зьяўляецца ніадкуль і гэтак жа зьнікне ў нікуды. Маленькае шчасьце з якім ня хочацца дзяліцца.

***
Малады мужчына на клятчатым аркушы са школьнага сшытка ўзводзіць у ступені лічбу дзевяць... Засяроджана рашае толькі яму вядомую матэматычную задачу... Прывабная бляндынка насупраць “строіць вочкі” сваёй сяброўцы. Такія розныя – на колькі хвілін аб’яднаныя горадам.

***
Мазаіка жоўтых лістоў на асфальце. Восень.

26 Врс 2007

...

(бяз тэмы)

Апошнімі днямі круцяцца ў галавае радкі аднаго верша. Аўтар мне невядомы.

Ты не ищи обид ни в чем --
В словах ли, в жестах.
А кто казался палачом --
Всего лишь жерта.
Но как удобно жить виня, копить обиды.
Он на коне, но вдруг с коня --
И под копыта...
Лежит теперь, сломав хребет,
В пыли дорожной...
Спаси их, Господи, от бед,
Всех, если можно.

20 Врс 2007

...

...

Так хораша халодным восеньскім вечарам сядзець сьпіна да сьпіны, углядацца ў густое бяззорнае менскае неба з цёмнымі карункавымі абрысамі дрэў. Адчуваць настылае паветра, удыхаць своеасаблівы версьнёўскі паветраны кактэйль з гаркавата-духмяным пахам лістоты, дажду і дыму.
І перакідвацца кароткімі фразамі, ці проста маўчаць, думаючы аб сваім, ці ні аб чым ня думаць... Проста адчуваць холад восені і цяпло чалавека...

Зараз верасьнёўскае паветра пахне гэтак жа як і ў маім дзяцінстве.


25 Жнв 2007

...

Сьвятло зямное й нябеснае

У Менску амаль ня бачна зор. Некалькі цьмяных, ледзь бачных зорак на галавой -- усё, на што здольная сталіца. А зараз -- жнівень, і ў вёсцы неба чорнае, глыбокае і ТАКОЕ зорнае....

Сьвятло зямное засьціць сьвятло нябёсаў... Цывілізацыя...

Рэклама

Наладка