Вось кажуць, што дзяўчаты ня цэняць вернасьць ды хлапцоў харошых, спакойных. Маўляў, ім, чым горш, тым лепш. Цягу да блядавітых (пардон за маю французкую) ды самаўпэўненых мужчын, як мне падаецца, патлумачыць вельмі лёгка. Такія людзі выпраменьваюць проста абалдзенную сэксуальную энэргетыку, што адчуваецца за кілямэтр. І як тут прайсьці міма? :) Заўважу, што часам такой энэргетыкай валодаюць ня самыя прыгожыя ды статныя мужчыны, як і ня самыя прыгожыя жанчыны. Але ж цягне да іх, і не заўважаецца ўжо "ня той" рост, колер вачэй, ці яшчэ якія "недахопы" зьнешнасьці. Нехта з такой энэргетыкай нараджаецца, а нехта яе вучыцца выпраменьваць адмыслова. Людзі мяняюцца. Калі чалавека доўга ня бачыш, то адразу кідаюцца ў вочы зьмены ў яго зьнешнасьці, а пасьля -- у энэргетыцы, як побач зь ім пачуваецца.
А што тычыцца вернасьці, то яе ўсе цэняць. Кожны па-свойму, але цэняць. Адгаворкі "ён/яна занадта харошы/ая для мяне" -- найперш спроба пазьбегнуць адказнасьці. Бо побач з такім чалавекам трэба адпавядаць яго маральным якасьцям. А так, скінуў абавязкі з плеч -- і сумленьне ня мучыць, і рукі разьвязаныя. Але... Адданасьць, вернасьць і душэўная цеплыня -- надта падкупляюць. Колькі дзяўчат бачыла, што здаваліся пад націскам менавіта такіх адносін да сябе.
Сяброўка паехала ў вандроўку. Хлапец гэтай дзяўчыны застаўся дома. У кампаніі вандроўнікаў быў відны хлапец, які пачаў праяўляць да яе зацікаўленасьць. Пра такіх звычайна кажуць "Яму дзеўку спакусіць, як вады папіць". Пытаюся ў яе, а ці ж не было спакусы здрадзіць свайму хлапцу (знаёмых вачэй не было, ніхто б нічога не даведаўся). На што яна адказала мне: "Перад ад'ездам пытаюся ў Андрэя (яе хлапец) "А ці не баішся ты мяне адпускаць?". На што ён і кажа: "Не, бо я ж табе ДАВЯРАЮ" І вось гэтае яго "ДАВЯРАЮ" сталася для яе каменьчыкам перавагі на шалях "здраджу-ня здраджу". Яна заўсёды ўпэўненая ў Андрэю, і ўсьведамленьне таго, што чалавек верыць у яе, верыць у моц яе пачуцьцяў, яе сумленьне не дазволіла пераступіць бар'ер спакусы. Нашыя паводзіны задаюць тон паводзінаў тых, хто побач.